На дзень паэзіі “Аркадзь Куляшоў – паэт народнага таленту”, у Навагрудскую раённую бібліятэку завіталі навучэнцы трэцяга курса Навагрудскага каледжа тэхналогій і бяспекі. Бібліятэкары знаёмілі наведвальнікаў з жыццёвым і творчым шляхам народнага паэта Беларусі, 110-годдзе з дня нараджэння якога мы святкуем у гэтым годзе.
Бібліятэкар прадставіла Аркадзя Куляшова не толькі як паэта, але і як перакладчыка, літаратурнага крытыка, грамадскага дзеяча. Гучалі вершы Аркадзя Куляшова, якія раскрылі шырокую панараму жыцця роднай Беларусі і палітру таленту паэта. На кніжна-ілюстратыўнай выставе-экспазіцыі былі прапанаваны паэтычныя зборнікі, літаратурна-крытычныя матэрыялы, энцыклапедычныя і альбомныя выданні.
Узнавіць паслядоўнасць слоў у вершы “Бывай”, або атрымаць сваю версію паэтычнага твора маглі юнакі і дзяўчаты ў творчым заданні. Дарэчы, менавіта гэты верш класіка беларускай літаратуры стаў зыходным творам для вядомай «Алесі» ў выкананні вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна. Выдатна справіліся навучэнцы з паэтычнай гульнёй “Адгадай верш”.
Шэраг цікавых фактаў з біяграфіі Аркадзя Куляшова дапоўнілі шматгранны партрэт народнага паэта Беларусі.