ЭКСПАНАТЫ
Вось якія тут пабудовы.
Сядзіба – аселішча, комплекс жылых і гаспадарчых пабудоў разам з дваром, агародам і садам. Тэрмін “сядзіба” звязаны з правядзеннем аграрнай рэформы 1557 года, так званай валочнай памеры, калі новыя пасяленні закладваліся на сядзібным (сярэднім) полі.
Альтанка – летняя дэкаратыўная паркавая пабудова каркаснай канструкцыі для адпачынку і сховішча ад непагадзі.
Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога ўкладу жыцця не варта, але ведаць, як жылі нашы дзяды-прадзеды, трэба.
Разнастайныя прадметы ўжытку, начыненне, падсобны інвентар, мэбля, тканіны – ўсе ёсць у нашай хаце.
Пры ўваходзе ў хату нас сустракае печ. Яна займала ў сялянскай хаце важнае i пачэснае месца. Абагравала хату, у ёй варылі ежу, на ёй спалі, адпачывалі, лячыліся. Да печы адносiлiся як да жывой iстоты. Забаранялася ўжываць «у яе прысутнасцi» грубыя або непрыстойныя словы.
Каля печы знаходзіўся качарэжнік.Тут стаяў пячны інвентар-качарга. Вілы,чапяла і абавязкова хлебная лапата. Лапата займала асобнае месца сярод хатніх рэчаў.Магчыма таму, што яна мела дачыненне да хлеба.Ёй надавалі ахоўныя якасці: у час навальніцы ,каб зберагчы свае будынкі ад маланкі,хлебную лапату выстаўлялі на двор.
Ёсць у вясковай хаце месца, дзе пасядзець лічыцца за вялікі гонар. Покуць - так называецца гэта пачэснае месца ў хаце, не забытай Богам.Покуць спрадвеку ачышчала і ўзвышала чалавека, рабіла яго лепшым. Прыходзіла свята, Каляды ці Вялікдзень,і на покуці першы садзіўся гаспадар, а злева ад яго астатнія сямейнікі. І не абы як, уперамешку, а па старшынству, дарослыя і дзеці. Маліліся , успаміналі добрым словам дзядоў - прадзедаў, частаваліся. Покуць - гэта куточак храма ў хаце. Уверсе, пад самай столлю, вісяць абразы святых. Яны маўкліваю малітваю асвячаюць хату і жыццё людзей у гэтай хаце. Покуць прыгожа ўбіраецца.
На абразы гаспадыня вешае ўзорныя ручнікі - набожнікі.
На покуці мясціліся стол і лава.Стол выконваў ролю своеасаблівага хатняга алтара, таму ставіліся да яго з павагай і дапусціць на стол ката лічылася вялікім грахом, бо тут заўсёды знаходзіліся хлеб ды соль.
Ажыўлялі вясковую хату рэчы, зробленыя рукамі гаспадароў і вясковых умельцаў. Вось бойка. Калі малако адстойвалася ў збанках, гаспадыня збірала зверху смятану і біла з яе ў бойцы масла.
На стале размяшчаўся глiняны посуд. Ён i сёння карыстаецца попытам. Прыгожа глядзiцца ён i на кухоннай палiцы, i на абедзенным стале.А ў нашых прашчураў глiняныя вырабы былi на любы густ, для розных патрэб.
Збанок -пасудзiна добра вядомая. У iм звычайна трымалi малако: доўга не скiсае, а ў гарачыню – халоднае. Мае ручку i носiк, каб тое ж малако лёгка, роўным струменьчыкам лiлося ў мiску цi ў кубак.
Гарлач старэйшы за збан. Яны падобныя, як браты, толькi гарлач без ручкii не мае носiка зверху.
У кожным двары абжывалася цэлае сямейства кашоў, старых i новых, вялiкiх i малых. Без iх, лёгкiх i зручных, не абыходзiлiся нi дарослыя, нi дзецi. У кашах з плеценымі вечкамі захоўвалі сушаныя каўбасы, паляндвіцы, кумпякі.
Быў час, калі ў вёсцы ўсе былі папрадухамі: маці вучыла прасці дачку, бабка – унучку. Вы бачыце таксама некаторыя прылады для ткацтва, у прыватнасці грэбень,на якім жанчыны пралі кудзелю Папрадуха левай рукою выцягвае з барады валасінкі ,а правай круціць верацяно, навіваючы на яго нітку.Потым іх маталі ў клубкі, затым сукалі цэўкі .Цэўкі закладвалі ў чоўнік , а зімою снавалі і ткалі кросны.
Хоць і цяжка жылося нашым продкам, але не страцілі яны пачуцця прыгожага.Звярніце ,калі ласка, увагу, якую вопратку насілі сяляне.Усё рабілі сваімі рукамі, пачынаючы ад саматканай тканіны да ўзораў вышыўкі на ручніках і посцілках.
Вочы разбягаюцца ад стракатай прыгажосцi кашуль i фартушкоў, посцілак і абрусаў, ручнікоў і розных намітак.Не, такіх абноў у краме не купіш: у іх – жыццё, натхненне, душа таленавітых народных майстроў.
Ручнікі не толькі ўпрыгожвалі інтэр’ер хаты, але і шырока выкарыстоўваліся ў беларускіх абрадах. На вяселлі хлебам-соллю на ручніку сустракалі маладых пасля вянчання ў царкве. Ужываўся ручнік і ў якасці падножніка, на які станавіліся маладыя ў час вянчання. Самых паважаных гасцей падчас урачыстасцей і зараз сустракаюць хлебам-соллю на прыгожых ручніках.
Узорныя посцілкі сталі ткаць значна пазней, чым ручнікі і абрусы, бо ложкі ўвайшлі ў быт сялян вельмі позна. Але мастацкае аздабленне іх досыць высокае. Рознымі колерамі вясёлкі, шматлікімі ўзорамі радуюць нас гэтыя вырабы.